ПО́ЛЬСКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ Ў ЛІТВЕ́, ППС на Літве (Polska partia socjalistyczna na Litwie, PPS na Litwie),

сацыялістычная партыя ў Літве і Зах. Беларусі рэв.-народніцкай арыентацыі ў 1902—06. Узнікла ў вер. 1902 з мясц. груп Польскай сацыялістычнай партыі (ППС). Адзін з яе стваральнікаў і кіраўнікоў П.​І.​Шумаў. Кіруючы орган — Літ. рабочы к-т (знаходзіўся ў Гродне). У пач. 1906 мела арг-цыі ў Вільні, Беластоку, Гродне, Брэсце, Коўне, Панявежы, Сувалках і Бельску. Друкаваны орган — газ. «Walka» («Барацьба»), Ставіла за мэту аб’яднаць мясц. рэв. групы ў краёвую дэцэнтралізаваную партыю. Патрабавала самастойнасці Літвы — Беларусі з устаноўчым сходам у Вільні, агульным для ўсіх народаў краю. Заклікала да звяржэння царызму, заваявання рэв. шляхам рэсп.-дэмакр. ладу, устанаўлення федэратыўных адносін Літвы—Беларусі з інш. часткамі Расіі. У чэрв. 1906 парвала арганізац. сувязь з ППС, перайменавалася ў С.-д. партыю Літвы (СДПЛ) і ў кастр. 1906 аб’ядналася з Літ. с.-д. партыяй.

М.​В.​Біч.

т. 12, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)